понедельник, 30 ноября 2009 г.

Дзяцел, лісіца і варона.

Дзяцел, лісіца і варона.

Выдзеўб дзяцел у васіне дуплё, збудаваў гняздо і вывеў дзетак — траіх дзятлянятак. Растуць малыя, а дзяцел цешыцца: «Выгадую, думае, дзяцей — на старасьць падмога будзе...» Ды недарэмна кажуць: «Хто-б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос?» Ня ўмеў ён радавацца сам сабе, а раструбіў на ўвесь лес пра сваіх дзяцей. Каго ні спаткае — усім хваліцца: «Якія ў мяне слаўныя дзеткі! І разумныя, і прыгожыя. Другіх такіх няма ні ў кога...» Дачулася пра гэта лісіца. Захацелася ёй маладых дзятлянятак пакаштаваць. Але як-жа іх з гнязда дастаць? На дрэвы лазіць лісіца спрыту ня мае. Дзяцел дзяцей гадуе, — корміць, поіць, а лісіца каля асіны пахаджвае, зубы выскаляе і ўсё думае, як дзятлянятак ізь сьвету зьвесьці. І надумалася-такі. Падыходзіць аднойчы да асіны ды давай хвастом па камлі стукаць. Высунуў дзяцел галаву з дупля: — Што ты, лісічка, робіш? Навошта маіх дзяцей пужаеш? — Вось як, — кажа лісіца, — дык у цябе і дзеці ёсьць? — Ёсьць, — адказвае дзяцел. — І такія-ж слаўныя дзеткі! — Ну дык выганяй іх вон, ды сам выбірайся, бо я зараз буду дрэва секчы... — Навошта табе гэта дрэва? — пытаецца дзяцел. — Як гэта навошта? На дровы папілую, у печы паліць буду! — Ой, лісанька, ой, матанька! — пачаў прасіцца дзяцел. — Дай хоць дзяцей пагадаваць, тады і сячы сабе дрэва. Куды-ж я цяпер з малымі падзенуся? А лісіца яшчэ мацней стукае хвастом па дрэву: — Не магу я чакаць, пакуль ты дзяцей пагадуеш! Хто-ж вінаваты, што ты якраз на гэтай асіне гняздо зрабіў! Мала лесу было, ці што? — Яно то праўда, — кажа дзяцел, — лесу нямала. Ды хто мог ведаць, што табе гэтая старая трухлявая асіна на дровы спатрэбіцца... — Трэба было запытацца, раней чым гняздо рабіць, — злуецца лісіца. — Сам вінаваты. Пачухаў дзяцел сваю стракатую галаву: — Што-ж мне рабіць, лісанька? Дай раду. Аблізалася хітрая лісіца, пакруціла хвастом ды кажа: — Ськінь мне адно дзіця, тады ня буду секчы дрэва. Падумаў дзяцел — шкада дзіцяці. — Пачакай, лісічка, хоць да заўтра, — просіцца ён. — Дай хоць трохі зь дзяцей пацешыцца. — Добра, — згадзілася лісіца. — Прыйду заўтра. Сядзіць дзяцел у дуплі, бядуе і ўсё думае, як яму ад лісіцы ўратавацца. Ды нічога прыдумаць ня можа. Нічога ня зробіш, прыдзецца аддаць адно дзятлянятка, хоць двое яму застануцца. Тым часам прылятае да яго ў госьці кума — шэрая варона. — Так і так, — кажа ёй дзяцел, апусьціўшы нос. — Не да гасьцей мне кумка: маё роднае дзіця лісіца адбірае... Варона была птушка старая і разумная, не такая, як іншыя. — Дурань ты, — кажа яна, — не аддавай! — Дык-жа лісіца дрэва сьсячэ і ўсё роўна загубіць нас. — Гэта яна толькі страшыць цябе. Як прыйдзе заўтра, ты скажы ёй: «Сячы сабе, я цябе не баюся!». Зарадаваўся дзяцел, падзякаваў вароне-куме за разумную параду і навет добра пачаставаў яе за гэта жукамі-караедамі. Прыбягае назаўтра лісіца. — Ну, дзяцел, — кажа, — ськідай дзіця, а то зараз дрэва сьсяку. А дзяцел высунуў свой доўгі нос з дупля і кажа: — Сячы сабе, я цябе не баюся! Зьдзівілася лісіца — адкуль толькі дзяцел розуму набраўся? — Хто цябе навучыў так гаварыць? — пытаецца яна. — Сваячка мая — варона-кума, — сьмела адказаў дзяцел. Узлавалася лісіца на дзятлаву куму — шэрую варону. «Пачакай-жа, — думае, — я ёй не дарую гэтага». І пайшла прэч, глытаючы сьліну. Думала яна, думала, як вароне адпомсьціць, і надумалася-такі. Выбегла на палянку, лягла і прыкінулася мёртвай. Убачыла гэта варона з дрэва. «Эгэ, — зарадавалася яна, — нядрэнная спажыва валяецца». Тут яна крыльлямі — мах, мах! І, як бачыш, каля лісіцы апынулася. Дзяўбанула спачатку ў хвост, каб праверыць, ці сапраўды лісіца мёртвая. А тая — навет не зварухнулася. Ляжыць, як дохлая. Варона пасьмялела, падскочыла да галавы і ўжо намерылася дзяўбануць у вока... А лісіца як усхопіцца ды цап варону за нагу! — Ага! — зарагатала лісіца, выскаліўшы зубы. — Папалася мне на абед замест дзятляняці. Будзеш ведаць, як дзятла вучыць. — Ну што-ж, — кажа варона, — перахітрыла ты мяне. Цяпер я толькі аднаго баюся: каб ты ня мучыла мяне так, як твая маці мучыла маю маці. — А як-жа яна мучыла? Нешта я ня памятаю. — Бо ты малая тады была... — Дык раскажы хоць, — зацікавілася лісіца. — Добра, раскажу, — згадзілася варона. — Было яно так. Твая маці злавіла маю маці. Вось як ты мяне цяпер. — Ну, вядома, — перапыніла яе лісіца. — Мая маці была не такая дурная, як твая. — Так, так, — адказала варона. — Яна, і праўда, была разумная, твая маці, бо не захацела есьці маю маці зь пер'ем: пер'е-ж нясмачнае! — Вядома, нясмачнае, — падтакнула лісіца. — Дык твая маці зрабіла вось як: узяла два рэшаты, усадзіла туды маю маці, потым склала рэшаты адно да аднаго ды як пусьціла з крутой гары, дык на маёй маці ні пярынкі не засталося — усё чыста асыпалася. Брр! — скаланулася варона. — Гэта самая страшная пакута для нас, варон... «Добра-ж, — падумала лісіца. — Ня буду я дурнейшай за сваю маці». Дастала яна два рэшаты, усадзіла туды дзятлаву куму ды і пусьціла рэшаты з крутой гары. Рэшаты разьехаліся ў бакі, а варона ўзьнялася і паляцела на дрэва.

Залатая яблынька.

Жыў дзед і баба. І былі ў іх дочкі — дзедава дачка і бабіна дачка. Дзедаву дачку звалі Галя, а бабіну — Юля. Баба сваю родную дачку песьціла, даглядала, а дзедаву ў чорным целе трымала і ўсё шукала прычэпкі, каб ізь сьвету зьвесьці. Пайшоў аднойчы дзед на кірмаш, купіў бычка-трацячка. Прывёў дахаты і кажа дочкам: — Будзеце пасьвіць яго па чарзе — адна дзень і другая дзень. Пагнала ў першы дзень бычка на пашу дзедава дачка. Злая мачыха дала ёй верацяно і мех кудзелі. — Глядзі, — кажа, — каб за дзень усю кудзелю спрала, кросны выткала, палатно выбяліла і ўвечары дамоў прынесла. А калі ня зробіш — ня жыць табе. Вывела Галя бычка з хлява, пагладзіла па шыі і пагнала на пашу. Гоніць, а сама горкімі сьлязьмі заліваецца. Бычок пытаецца: — Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго плачаш? — Як-жа мне ня плакаць, бычок? Загадала мне мачыха гэты мех кудзелі спрасьці, кросны выткаць, палатно выбяліць і ўвечары дамоў прынесьці... Ці-ж зраблю я за дзень такую работу? — Ня плач, — адказвае бычок, — гані мяне на шаўковую травіцу, на сьвежую расіцу, там мы што-небудзь прыдумаем. Прыгнала Галя бычка на шаўковую травіцу, на сьвежую расіцу. Наеўся бычок, напасьвіўся, а потым і кажа: — Цяпер кладзі мне ў правае вуха кудзелю і верацяно. А сама хукні ў левае вуха і глядзі, што будзе. Палажыла Галя бычку ў правае вуха кудзелю і верацяно, хукнула ў левае вуха і глядзіць. Аж там — кудзеля прадзецца, кросны ткуцца, палатно беліцца і ў сувой скочваецца... Як усё было зроблена, выняла Галя гатовы сувой палатна і вясёлая пагнала бычка дахаты. Злая мачыха сустрэла яе на дварэ: — Ну, што: спрала кудзелю? — Спрала, — кажа Галя, і падала ёй гатовы сувой палатна. Мачыха аж за галаву хашлася: такую работу зрабіла яе падчарка! А тут і суседкі прыйшлі — дзівяцца, якое тонкае палатно выткала Галя. Усе хваляць яе, не нахваляцца. Прыйшла чарга гнаць бычка бабінай дачцэ Юлі. Дала ёй маці верацяно і поўмяха кудзелі. — Спрадзі, — кажа, — дачушка, гэтую кудзелю і вытчы палатно яшчэ лепшае, чым выткала твая няродная сястра. Хачу, каб цябе людзі хвалілі, а не яе. Узяла Юля тоўсты дубец і пагнала бычка. Гоніць ды ўсё хвошча яго дубцом. Бычок давай кідацца туды-сюды, а Юля бегае за ім, кляне на чым сьвет стаіць. Бегала, бегала і верацяно згубіла. Прыгнала яна сяк-так бычка на пусты выган, палажыла кудзелю, а сама спаць уклалася. Бычок узяў кудзелю, пабэрсаў нагамі і ўтаптаў у балота. Прачнулася пад вечар Юля, глядзіць — кудзеля ў балоце ўтоптана... Схапіла яна дубец ды давай бычка біць. Бычок пабег дахаты, і яна за ім з крыкам. Дома маці пытаецца ў яе: — Ну, як, дачушка: зрабіла работу? — Ды не, — кажа дачка. — Чаму? — Бычок вінаваты. Празь яго я верацяно згубіла, а потым яшчэ ён і кудзелю маю ў балота ўтаптаў... Узлавалася мачыха на бычка. Пайшла да дзеда і кажа: — Зарэж, дзед, бычка! — Ці ня здурэла ты, баба? — падзівіўся дзед. — Навошта нам яго рэзаць? Тут баба як затупае нагамі, як накінецца на дзеда з кулакамі: — Калі не зарэжаш, дык я цябе вон выганю разам з тваёй дачкою! Нічога не парадзіш — згадзіўся дзед зарэзаць бычка. Пачула гэта Галя, пабегла ў хлеў да бычка, абкяла яго за шыю і залілася сьлязьмі. — Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго ты плачаш? — пытаецца бычок. Расказала яму Галя, што надумалася зрабіць злая мачыха. — Ня плач, дзеўча, — кажа бычок. — Лепш паслухай, што я табе параю. Як зарэжуць мяне, вазьмі маю печань, і там знойдзеш залатое зярнятка. Пасадзі тое зярнятка ў садку каля хаты. Вось і ўсё. Галя так і зрабіла, як сказаў бычок. Вырасла зь зярняткі яблынька з залатымі яблыкамі. Хто ні ідзе ці ня едзе каля садка — усе дзівяцца з залатой яблынькі. Ехаў аднойчы з вайны прыгожы малады гусар. Убачыў яблыньку і спыніўся. Працягнуў руку да яе, каб сарваць залаты яблык. А яблынька — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору. Апусьціў гусар руку — яблынька зноў стала на сваё месца. Убачыла гэта праз акно Галя і кажа да мачыхі: — Пайду я сарву гэтаму прыгожаму гусару адзін яблычак. А мачыха як затупае на яе, як закрычыць: — Я табе галаву сарву! Схапіла яна Галю ды засадзіла пад карыта, а ў садок паслала Юлю: няхай, думае, лепш родная дачка сарве гэтаму гусару яблык, можа, ён закахаецца ў яе... Падышла Юля да яблынькі, а тая — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору. Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі. А тут якраз па дварэ хадзіў пеўнік. Ускочыў ён на плот і кукарэкае: — Ку-ка-рэ-ку! Дзедава дачка пад карытам схавана, а бабіна хоча яблыкі яе сарваць ды выйсьці замуж за пана... Пачуў гэта гусар, зьлез з каня і пайшоў у хату. Знайшоў там пад карытам дзедаву дачку. Як зірнуў на яе, дык вачэй ня можа адарваць: так яна яму спадабалася. — Дзеўка-дзявіца, — пакланіўся ёй гусар. — Сарві мне на памяць залаты яблык з сваёй яблынькі. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Гусар падхапіў яе, пасадзіў на каня побач з сабою і павёз да сваіх бацькоў. Дома яны згулялі вясельле і сталі жыць-пажываць у згодзе ды ў ладзе. Нарадзіўся ў іх сын, ды такі прыгожы, што бацькі не наглядзяцца на яго. Тым часам злая мачыха не магла спаць ад зайздрасьці, чаму гусар не яе дачку, а дзедаву замуж узяў. І ўсё думала, як яе ізь сьвету зьвесьці. Аднаго разу кажа яна сваёй дачцэ: — Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госьці. Пакліч яе з сабою купацца ды ўтапі... Паслухала Юля маткі, пайшла ў госьці да сястры. Падгаварыла яе купацца. На рэчцы кажа ёй: — Сядзь ты, сястрыца, на кладцы, я табе плечы памыю. Села Галя на кладцы, а Юля ськінула яе ў ваду і пабегла дахаты. Чакаюць дома Галю — няма. Малы сын плача, ніхто суцешыць ня можа. Узяла яго нянька на рукі, пайшла ўздоўж рэчкі гукаючы: — Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьці хоча. Куры сьпяць, гусі сьпяць, адзін ён ня ўсыпаецца, маткі не дачакаецца... І чуе яна голас з вады: — Ой, цяжка мне выйсьці да сына: камень ногі падбівае, вада вочы залівае... Пачуў малы сынок матчын голас і яшчэ мацней заплакаў. — Ой іду, сынок, ой бягу, — адгукаецца маці. — Слухаць плач твой, сынок, не магу. Выйшла маці з вады, накарміла сына, ён і заснуў. А сама назад пайшла. Вярнулася нянька дадому, расказала, што было каля рэчкі. Назаўтра сам бацька ўзяў залаты яблык і сына ды пайшоў да рэчкі. Прыйшоў на бераг і гукае: — Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьці хоча... Пачула маці плач сына і адказвае: — Ой, іду, сынок, ой бягу: слухаць плач твой, сынок, не магу. Выйшла яна на бераг, пакарміла сына, — ён і заснуў. Тады муж дастаў зь кішэні залаты яблык і даў жонцы. І як толькі ўкусіла яна залаты яблык — адразу апрытомнела. Зарадаваўся муж, прывёў яе дадому. Сталі яны зноў жыць добра і шчасьліва. А злую мачыху і яе дачку больш да сябе і на парог ня пускалі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Awrwdıñ ötkir türi üşin kelesi belgiler tän

  #Awrwdıñ ötkir türi üşin kelesi belgiler tän: #küşeytetin jäne tabïğï näjispen nemese zär şığarwmen şapqa beriletin perïnéyadağı awı...