понедельник, 30 ноября 2009 г.

Баран бок абадран.

Баран бок абадран.

Быў раз дзед, а ў таго дзеда баран. І захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькі пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, а баран усхапіўся ды ўцёк і схаваўся ў лісіную норку.

Прыйшла ліса ў норку, ажно там нехта сядзіць. Спужалася лісіца і пытаецца:

— Хто там?

А баран ёй адказвае:

— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Лісіца спужалася і пабегла ваўка прасіць.

— А воўчанька ты мой, а кумочак мой, — хадзі, памажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў мяне ў норцы сядзіць.

Паслухаў воўк лісу, пайшоў зь ёю ў нару выганяць барана. Прыйшоў, ды сап, сап — носам нюхае.

— Хто там?

— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Воўк спужаўся ды ўцёк. Пайшлі яны зь лісіцай ды к медзьвядзю, пачалі медзьвядзя прасіць:

— Мядзьведзінка, бацінка, — хадзі, памажы нашай бядзе, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.

Паслухаў мядзьведзь, пайшоў зь імі да норкі, прыйшоў, ды пытаецца:

— А хто там? А баран яму:

— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Мядзьведзь спужаўся, ды ўцёк.

Ідуць яны, ідуць каля саду, ды бачаць — ляціць пчолка. Давай яны гэтую пчолку прасіць.

— Пчолка, душачка, — хадзі, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.

Паляцела пчолка зь імі, прыляцела і пытаецца:

— А хто там?

— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

А пчолка ня спужалася, — у норку, ды давай кусаць барана за абарваны бок.

Баран спалохаўся, выскачыў з норкі, ды давай уцякаць.


Браты-паляўнічыя.

Жылі-былі ў вадной вёсцы стары із старою. Было ў іх тры сыны. Слаўныя гэта былі хлопцы й добрыя работнікі. Але найбольш за ўсё любілі яны на паляваньне хадзіць. Ды вось бяда: не шанцавала ім на паляваньні. Бывала, што цэлы дзень па лесе ходзяць, а на вячэру нічога і ня прынясуць. «Відаць, зьвяліся зьвяры ў нашых лясох, — думаюць браты, — трэба было-б хіба нам куды-небудзь глыбей у пушчу падацца». Вось аднаго разу пайшлі яны ўсе трое ў лес. Хадзілі, з купіны на купіну пераскаквалі, па балотах і мхох адзін за адным прабіраліся і не заўважылі, як ад дому далёка адыйшлі і з дарогі зьбіліся. Глядзяць браты — глухі лес кругом, ні дарожкі нідзе, ні сьцяжынкі. — Пойдзем, браты, куды вочы глядзяць, — кажа старэйшы брат. І падаліся браты-паляўнічыя проста цераз пушчу... Доўга яны шлі, і вось прыходзяць, нарэшце, да вялікага каменя. Ідзе ад таго каменя далей у лес сьцяжынка, а на камені напісана: «Гэта сьцежка вядзе ў Вахрамеева царства. Шмат у тым царстве і зьвяроў і птушак, ды толькі паляўнічыя туды па адным хадзіць павінны». — Ну, браты, здаецца, нам пашанцавала, — кажа старэйшы брат. — Пайду я першы ў Вахрамеева царства, паспрабую шчасьця. А вы мяне тут чакайце. Калі праз тры дні не вярнуся, — ідзеце мне на дапамогу. Малодшыя браты згадзіліся. Селі яны пад елкай, агонь расклалі, а старэйшы брат падаўся па вузкай сьцежцы ў лес. Ідзе ён, а лес кругом гусьцейшым робіцца, усё цямнейшьм. І раптам выбягае на сьцежку вялізны леў. Схапіў старэйшы брат свой самастрэл, прыцэліўся, а леў і кажа яму: — Не забівай мяне, паляўнічы! Я дам табе за гэта сваё маладое дзіцянё. Прыйдзе час — яно табе ў бядзе дапаможа. І выходзіць на сьцежку маленькае львянё. Зьдзівіўся паляўнічы. — Добра, — кажа — ня буду цябе біць. І пайшоў далей, а львянё ўсьлед за ім пабегла. Прайшоў старэйшы брат крыху і бачыць — выходзіць на сьцежку вялікі мядзьведзь. Прыцэліўся паляўнічы, а мядзьведзь і кажа яму чалавечым голасам: — Не забівай мяне, чалавеча! Вазьмі лепш з сабою маё дзіцянё. Прыйдзе час — яно табе ў бядзе дапаможа. І выходзіць з хмызьняку маленькі калматы мядзьведзік. Згадзіўся паляўнічы й далей пайшоў, а мядзьведзік зь львянём сьледам за ім бягуць. Прайшоў крыху, а перад ім на сьцежцы вялізны воўк стаіць. Зубы шчэрыць, вочы агеньчыкамі гараць. «Ну, гэтага то ўжо застрэлю», — думае паляўнічы. А воўк просіцца ў яго: — Пашкадуй мяне, паляўнічы! Вазьмі лепш з сабою маё дзіцянё. Яно табе — будзе час — у бядзе дапаможа. І дае ён паляўнічаму маленькага ваўка. Ідзе паляўнічы далей, а за ім трое зьверанят бягуць. Настраляў паляўнічы рознай дзічыны, увечары адпачыць пад хвойкаю сеў. Расклаў агонь, пачаў дзічыну смажыць. «Павячэраю, — думае, — тады да братоў вярнуся і рэшту дзічыны ім занясу». Раптам зашумелі дрэвы, захісталі вяршынямі. Сьвіст і грукат па лесе пайшоў. Глядзіць паляўнічы — ляціць празь лес між дрэў Баба-Яга. Валасы матляюцца, спадніца надзімаецца, сама ў ступе сядзіць, памялом паганяе. Прыляцела й апусьцілася недалёка каля агню. — Фу! фу! — кажа. — Нешта вельмі-ж тут смажаным мясам пахне. А паляўнічы адрэзаў кавалак мяса ды й падае ёй. — На, — кажа, — бабка, зьеш. — Не, хлопча, — адказвае Баба-Яга. — Я да цябе падыйсьці баюся. Бачыш ты, якія каля цябе страшныя зьвяры сядзяць. Дай ты мне па пяць валаскоў із сваей галавы ды з галоў тваіх зьвяроў, — тады я да цябе бліжэй падыйду. Засьмяяўся паляўнічы, даў ей пучок валаскоў, а Баба-Яга ўзяла валаскі і дзьмухнула на іх. І ператварыўся раптам старэйшы брат у вялікі асмалены пень, а зьвяры — у пянькі крыху меншыя. Баба-Яга тымчасам зарагатала, села ў ступу і назад паляцела. Вось сядзяць малодшыя браты каля агню, чакаюць старэйшага. Тры дні мінаюць — не варочаецца старэйшы брат. — Трэба да яго на дапамогу йсьці. Відаць, нешта нядобрае зь ім здарылася, — кажуць браты. І пайшоў сярэдні брат старэйшага шукаць. І здарылася зь ім усё тое-ж, што і із старэйшым. Застаўся ля каменя адзін малодшы брат. Тры дні чакаў ён старэйшых. Потым ня вытрымаў — пайшоў іх шукаць. Ідзе ён па сьцежцы, а дрэвы перад ім гольле апускаюць, дарогу загароджваюць. Шэпча яму лісьце: — Ня йдзі далей, бяда будзе! — Не баюся нічога, — адказвае малодшы брат, — відаць, з братамі маімі й запраўды тут бяда здарылася. Хто-ж выратуе іх, калі ня я? Ідзе малодшы брат па сьцежцы. Адзін за адным яму па дарозе зьвяры трапляюцца, дзяцей сваіх яму аддаюць. А дрэвы шумяць жаласна, галінкі скрыпяць журботна: — Вярніся, паляўнічы, чакае цябе сьмерць лютая! Сьмяецца паляўнічы й далей ідзе. Прыходзіць ён на палянку. Сеў, агонь расклаў. Глядзіць — побач два вогнішчы патушаных, а вакол пні асмаленыя стаяць. «Ці ня тут толькі мае браты сядзелі?» — думае паляўнічы. І раптам чуе — шум, сьвіст, дрэвы гнуцца, кусты да зямлі сьхіляюцца, — ляціць Баба-Яга ў ступе, валасы матляюцца, спадніца надзімаецца, сама памялом сьлед замятае. Прыляцела Баба-Яга, апусьцілася на палянку. — Добры дзень, хлапчына! — Добры дзень, бабка, — адказвае паляўнічы. — Што гэта ў цябе так смачна смажаным пахне? — Вазьмі, бабка, паеш, — кажа паляўнічы і падае ёй кавалак мяса. А Баба-Яга адказвае: — Не, сынок, баюся я тваіх зьвяроў. Дай ты мне пяць валаскоў із сваей галавы ды па пяць валаскоў ізь зьверанят, — тады падыйду. — О, не, бабка, не на таго натрапіла, — адказвае паляўнічы. — А ну, зьвераняткі мае, дапамажыце мне з бабкай паквітавацца. Кінуліся зьвераняты на Бабу-Ягу. Львянё яе за горла хапае, ваўчанё — за ногі, мядзьведзянё лапамі камечыць. Напужалася Баба-Яга, запішчэла, закрычала, загаласіла. А паляўнічы й кажа: — Цяпер я ведаю, што з маімі братамі здарылася. Гэта твая работа. Кажы, што ты зь імі зрабіла, а не, дык мае вартаўнікі цябе жывую зьядуць. Бачыць Баба-Яга, што няма рады ёй. Дзьмухнула яна на пні — ажылі старэйшыя браты, ажылі й іхныя зьвяры. Накінуліся трое львянят, трое ваўчанят і трое мядзьведзянят на Бабу-Ягу і разарвалі яе на кавалкі. Пачалі з таго часу браты сьмела ў пушчу на паляваньне хадзіць. Шмат дзічыны ў ёй стралялі, шмат зьвяроў лавілі, і добра жыць сталі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Awrwdıñ ötkir türi üşin kelesi belgiler tän

  #Awrwdıñ ötkir türi üşin kelesi belgiler tän: #küşeytetin jäne tabïğï näjispen nemese zär şığarwmen şapqa beriletin perïnéyadağı awı...